ІАА́Н XXIII [Giovanni; свецкае Ранкалі; (Roncalli) Анджэла Джузепе; 25.11.1881, Сота-іль-Монтэ каля г. Бергама, Італія — 3.6.1963],
папа рымскі ў 1958—63. Вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Бергама, атрымаў тэалагічную адукацыю ў Рыме і прыняў сан свяшчэнніка (1904). У 1919—21 рэктар семінарыі. З 1925 біскуп, у 1925—53 прадстаўнік Ватыкана ў шэрагу краін. У 1953 атрымаў сан кардынала. У 1953—58 патрыярх Венецыі. Праводзіў курс ватыканскай палітыкі, накіраваны на абнаўленне царк. жыцця і аб’яднанне з інш. хрысц. цэрквамі; выступаў за мірнае суіснаванне дзяржаў з розным грамадскім ладам, за раззбраенне і мірнае вырашэнне спрэчных міжнар. пытанняў. З мэтай прыняцця каталіцкай царквой новага курсу і ўмацавання яе пазіцый у 1962 склікаў 2-і Ватыканскі сабор і кіраваў 1-й сесіяй (гл. Ватыканскія саборы).
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)